АКТ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ БЕЛАРУСІ
Мы, дэлегаты Усебеларускага З’езда, паўнамоцныя прадстаўнікі народа
Беларусі,
-- усведамляючы адказнасць за будучыню краіны;
-- напамінаючы, што Рэспубліка Беларусь з'яўляецца
дзяржавай-заснавальніцай Арганізацыі Аб'яднаных Нацый;
-- грунтуючыся на прынцыпах і нормах міжнароднага і нацыянальнага права,
ЗАЯЎЛЯЕМ:
Беларускі народ мае тысячагадовую гісторыю сваёй дзяржаўнасці: ад Полацкага княства, Вялікага КнястваЛітоўскага, Беларускай Народнай Рэспублікі да сучаснай Рэспублікі Беларусь. Прынятая Вярхоўным Саветам 27 ліпеня 1990 года Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце сцвярджае яго дзеля галоўнай мэты – свабоднага развіцця і дабрабыту, годнага жыцця кожнага грамадзяніна Беларусі. Яна абвяшчае незалежнасць краіны ў вонкавых дачыненнях, вяршэнства, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады, дзеючай на падставе правамоцных законаў. Любыя дзеянні супраць суверэнітэту Беларусі і нацыянальнай дзяржаўнасці недапушчальныя і павінны карацца як найвялікшае злачынства.
Дзяржаўны суверэнітэт быў замацаваны ў Канстытуцыі, прынятай 15 сакавіка 1994 года. Паводле яе Беларусь увайшла ў свет як нейтральная, мірная і бяз’ядзерная дзяржава.
Незалежнасць Беларусі з’яўляецца набыткам не толькі сённяшняга пакалення, але і нашых продкаў і належыць нашчадкам. Суверэнітэт краіны не можа быць абмежаваны або скасаваны праз рашэнні дзяржаўных асоб і органаў, нават праз рэферэндум.
Сёння незалежнасць Беларусі знаходзіцца пад пагрозай. Рэальнай небяспекай стаў дагавор аб стварэнні так званай саюзнай дзяржавы з Расіяй, падпісаны 8 снежня 1999 года прадстаўнікамі беларускіх ўладаў, чыя легітымнасць не прызнаецца ў большасці краінаў свету. Мы – за добрыя, раўнапраўныя і узаемавыгадныя адносіны з усімі краінамі свету, і асабліва з суседзямі: Расіяй, Украінай, Польшчай, Літвой, Латвіяй. Але мы не жадаем станавіцца рэгіёнам іншай дзяржавы. Мы не дазволім ліквідаваць нашу незалежнасьць і абмежаваць наш суверэнітэт, знішчыць нашу краіну.
Незалежнасць – гэта натуральнае права ўсяго народа, кожнага грамадзяніна. Толькі яна і толькі дзяржаўны суверэнітэт адкрываюць шлях нашай краіне ў еўрапейскую і міжнародную дэмакратычную супольнасьць.
Мы, дэлегаты Усебеларускага З’езда,
СВЕДЧЫМ
Богам і гісторыяй дадзенае нашаму народу права мець сваю незалежную дзяржаву з яе адвечнымі сімваламі – бела-чырвона-белым сьцягам і гербам "Пагоня";
АБВЯШЧАЕМ
дзяржаўны суверэнітэт неад'емнай каштоўнасцю беларускага народа;
ПРЫЗНАЁМ
не маючымі законнай сілы любыя пагадненні і рашэнні, скіраваныя на скасаванне альбо абмежаванне суверэнітэту Беларусі;
ЗАКЛІКАЕМ
усіх грамадзян Беларусі і ўсіх суайчыньнікаў за мяжой згуртавацца вакол ідэй Акта Незалежнасьці Беларусі, бараніць незалежнасьць Айчыны;
парламенты і ўрады дэмакратычных дзяржаваў, міжнародныя арганізацыі і сусветную грамадскасць забяспечыць гарантыі суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.
Жыве Беларусь!
Прынята Усебеларускім З’ездам
29 ліпеня 2000 года ў Мінску.
© SANA,
Svojskaje Ahenсtva
Navinaŭ I Arhumantaŭ.